У двух драмтэатрах Гомеля – абласным і гарадскім маладзёжным – амаль адначасова, з розніцай усяго ў два дні, узніклі дзве выбітныя прэм’еры. Скажаце, касмалагічнае ўздзеянне лічбы 2? Але ў кожным са спектакляў – свая не толькі сімволіка, але і рэжысёрскія прыёмы, сама сістэма выразных сродкаў. Яднае іх хіба акцёрская заўзятасць і тое, што клічуць звычайна эксперыментам, а насамрэч з’яўляецца крокам наперад, пашырэннем нашых уяўленняў пра тэатр (там про "Нос" в областном). Спектакль “Хто баіцца Вірджыніі Вулф?” у Гомельскім гарадскім маладзёжным тэатры чакаўся з не меншай цікавасцю. Бо паставіў яго малады беларускі рэжысёр Данііл Філіповіч, які апошнім часам плённа працуе ў Нацыянальным акадэмічным тэатры імя Янкі Купалы, але добра вядомы і ў Гомелі, дзе ў свой час з’явіліся два яго нашумелыя спектаклі. У Гомельскім абласным драмтэатры – “Рыба маёй мары”, уключаная ў праграму ХІV Міжнароднага фестывалю “Славянскія тэатральныя сустрэчы”. У тамтэйшым тэатры лялек – авангардны “Пер Гюнт”. Наспеў час і Гомельскага маладзёжнага – тым больш, што гэты тэатр насамрэч трымае курс на маладзёжную аўдыторыю і даўно зарэкамендаваў сябе як прасунуты калектыў, які не баіцца не толькі Вірджыніі Вулф, але і разнастайных эксперыментальных кірункаў.
Філіповіч, як звычайна, досыць вольна ставіцца да драматургічнага арыгіналу, што ўласціва сучаснаму тэатральнаму мастацтву ў цэлым. Аднайменную п’есу Эдварда Олбі, дзе ў цэнтры – дзве сямейныя пары, ён дапаўняе дзённікамі англійскай пісьменніцы і феміністкі, імя якой вынесена ў назву. Так гэтую п’есу, даволі папулярную ў тэатральным рэпертуары, яшчэ не ставіў, бадай, ніхто. Здавалася б, загадкавая фраза, што стала назвай, з’яўляецца ў п’есе без асаблівай прывязкі да творчасці Вірджыніі. Олбі адштурхоўваецца ад падабенства яе прозвішча Woolf англійскаму слову wolf (воўк), якія вымаўляюцца аднолькава: у фінале п’есы Джордж спявае згаданую фразу на матыў знакамітай песенькі з дыснэеўскага мульціка “Нам не страшны Шэры Воўк”. І пры чым тут Вірджынія?
У спектаклі ж фраза назвы праходзіць праз усю дзею, становіцца адным з лейтматываў. Філіповіч звяртае ўвагу на тое, што Олбі надзяляе сваіх герояў тымі душэўнымі пакутамі, што былі ўласцівы Вулф. І на тое, што выраз “паток свядомасці” можна ўжыць не толькі да яе творчасці, якую адносяць да мадэрнісцкай літаратуры пачатку ХХ стагоддзя, але і ў дачыненні да маналогаў-дыялогаў персанажаў п’есы. Таму да олбіеўскіх герояў ён далучае саму Вірджынію (Караліна Драздова) з ейным мужам Леанардам (Мікіта Сушчонак). Тым не менш, падзеі на сцэне нельга ў поўнай меры назваць біяграфічнымі. Рэжысёра хвалюе не ўласна Вірджынія, а тое, як стасуецца яе гісторыя з гісторыямі астатніх герояў.
Спектакль, названы дастаткова звычайна – трагікамедыяй, так і хочацца жанрава акрэсліць як “аголены нерв”, “аголены боль”. І пачынаецца ён яшчэ да пачатку асноўнай дзеі. На дыванку на авансцэне стаяць шэсць лямпаў, якія цягам уступу перамесцяцца на іншыя лакацыі. Пазней стане зразумела, што гэта сімвалічнае ўвасабленне шасці чалавечых душ – шасці асноўных герояў спектакля. Перад намі разгортваюцца гісторыі трох сямейных пар, іх кахання і праблем, што ўзнікаюць між супругамі. Рэжысёр пазбягае паслядоўнага аповеду гісторый адна за адной: лінія Вірджыніі – Леанарда ўплецена ў тэкст п’есы, перагукаецца з ёй гэтак жа, як у самой п’есе перагукаюцца гісторыі чатырох персанажаў. Нават словы аднолькавыя часам паўтараюцца!
Дзеянне часта разгортваецца паралельна. Прычым тая паралельнасць забяспечваецца як прыёмамі мантажу, уласціваму кіно, так і чорна-белым відэа на задніку, дзе ў пэўны момант з’яўляецца бацька Марты (Сяргей Чугай). А галоўнае – паралельнай, адначасовай дзеяй у розных сцэнічных сектарах. Некаторыя з лакацый могуць быць “расшыфраваны” як розныя пакоі жытла Марты (Валерыя Лагута, у іншым складзе – Ірына Шапецька) з Джорджам (Аляксей Стрэльчанка ці Яўген Хромаў), да якіх прыходзяць Хані (Валерыя Цыкуненка) з Нікам (Віктар Тулупаў).
Некаторыя – як прастора Вірджыніі, у атачэнні якой – Леанард і Псіхатэрапеўт (Ірына Якавец). У вусны апошняй, акрамя ўласна размоў, укладаюцца каментарыі-тлумачэнні такіх медыцынскіх тэрмінаў, як трывожнае засмучэнне, дэпрэсія, біпалярнае засмучэнне, шызафрэнія, асацыяльнасць. Ды ўсе гэтыя словы набываюць у спектаклі не толькі прамое, але і больш шырокае пераноснае значэнне. Бо спектакль – не столькі пра душэўнае здароўе, колькі пра страчаныя магчымасці жыцця.
Відовішча атрымліваецца складаным, шматскладовым і, у той жа час, надзеленым амаль плакатнай па ступені разумення сімволікай. Ні ў кога не ўзнікаюць сумневы, што плюшавыя мішкі становяцца сімвалам кахання. Галерэя пустых бутэлек – наступствам п’янства Марты. Не менш сімвалічна і сцэна, дзе Марта і Джордж рушаць адзін да аднаго – па бутэльках. Але завяршэнне кожнай дзеі песняй уяўляецца залішнім: надта ўжо тоўстая, безапеляцыйная кропка ставіцца пасля насычаных адценнямі псіхалагічных тумановасцяў. Асабліва рэжа слых завяршэнне першай дзеі песняй “Клён” Юрыя Акулава на верш Лявонція Шышко: “А любовь, как сон, стороной прошла”. Так, калісьці гэта песня была ў рэпертуары ўраджэнца Гомеля Сяргея Драздова з ВІА “Сіняя птушка” і тым, здавалася б, яшчэ больш павінна наблізіць дзею да гомельскага гледача. Але тонкая, давяральная атмасфернасць спектакля гэтым разбураецца.
А вось выкшталцона вырабленыя стылізаваныя праграмкі – наадварот, атмасферу задаюць і падтрымліваюць. Гомельскі маладзёжны заўжды надае вялікую ўвагу сваёй промапрадукцыі. Гэтым разам прэм’еру таксама папярэджвалі не проста анонсы, а цікавыя фота і відэа. Дый у самой праграмцы невыпадкова падкрэслены “кодавыя” словы, якія шмат у чым папярэджваюць і падвынікоўваюць спектакль, прымушаючы задумацца не толькі над убачаным, але і над уласным жыццём: “быць, а не ўяўляцца”.
Ігра акцёраў – без перабольшвання, на вышэйшым узроўні. Спектакль патрабуе ад іх неверагоднай канцэнтрацыі сіл, фізічных і душэўных. Але вынік пераўзыходзіць усе чаканні, нават калі ведаеш вялікія творчыя магчымасці кожнага.
Н. Бунцэвiч